У Беларусі асуджаныя за наркотыкі могуць спадзявацца на датэрміновае вызваленне
У Беларусі распрацавалі комплекс мер для больш эфектыўнага супрацьдзеяння нарказлачыннасці. Ён прадугледжвае індывідуальны падыход да кожнага канкрэтнага выпадку, магчымасць памілавання, а ў некаторых выпадках — умоўна-датэрміновага вызвалення асуджаных за наркотыкі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" распавёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Паводле яго слоў, на даручэнне кіраўніка дзяржавы, "зыходзячы з прынцыпу справядлівасці", вырашылі праверыць, хто ж знаходзіцца ў зняволенні сярод асуджаных за наркотыкі.
"Калі яны сталі на шлях выпраўлення, магчыма і ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але пры пэўных умовах, — кажа Міцкевіч. — Калі гэтыя людзі сапраўды стануць на шлях выпраўлення, возьмуць на сябе абавязацельства ўладкавацца на працу альбо паступіць на вучобу".
Падставай для памілавання, кажа намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, можа стаць узяцце сваякамі асуджанага на сябе адказнасці за яго. Пры гэтым будуць улічвацца абставіны справы, асоба чалавека, яго паводзіны. Калі грамадзянін не скарыстаецца шанцам, пры паўторным прыцягненні да адказнасці яго чакае суровае пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.