У Беларусі рыхтуецца ўказ аб спрашчэнні візавага рэжыму
У Беларусі рыхтуецца ўказ аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пра гэта ў чацвер заявіў начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС нашай краіны Дзмітрый Мірончык.
"Мы хочам аблегчыць візавы рэжым для тых, хто хоча прыехаць у Беларусь, — цытуе словы Мірончыка БЕЛТА. — МЗС сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання узгадняе тэкст адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы".
Вядома, што цяпер ідзе праца над той часткай, якая не дазволіць скарыстацца новымі льготамі нелегальным мігрантам. Мірончык адзначыў, што адкрыццё беларускай мяжы для грамадзян шэрагу краін стане прычынай вялікіх міграцыйных рызыкаў. Узнікнуць і фінансавыя выдаткі, звязаныя з дэпартацыяй нелегалаў.
Узгадняецца спіс краін, грамадзяне якіх патрапяць пад ільготны рэжым. Па словах Дзмітрыя Мірончыка, мэта новаўвядзення — прадэманстраваць адкрытасць Беларусі, умацаваць дзелавыя кантакты з замежжам, павялічыць колькасць турыстаў, якія наведваюць нашу краіну.