У Беларусі выдаюць кнігу з фатаграфіямі вёсак сярэдзіны ХХ стагоддзя
Унікальныя фатаздымкі вёсак з 1930-х па 1950-я гады плануецца выдаць у Беларусі. Яны ўвойдуць у кнігу "Найлепшы бок", якую падрыхтаваў культурны праект VEHA.
Усе фотаздымкі кнігі аб'яднаныя традыцыя рабіць сямейныя здымкі на фоне посцілак (тканых дываноў). У зборы матэрыялу для кнігі прынялі ўдзел больш за 50 сем'яў з розных куткоў Беларусі, калекцыянеры, а таксама Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей і праект "Беларускі архіў вуснай гісторыі".
Акрамя фатаздымкаў у кнігу "Найлепшы бок" увайшлі каментары экспертаў у галінах гісторыі, этнаграфіі ды візуальных даследаванняў. У стварэнні кнігі прынялі ўдзел: доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Лабачэўская, гісторык Аляксандр Далгоўскі, сацыёлаг, даследчыца візуальнай культуры Лідзія Міхеева.
Кніга выйдзе на беларускай і рускай мовах. Тэксты таксама перакладзеныя на англійскую мову.
Падтрымаць выданне кнігі "Найлепшы бок" можна па гэтай спасылцы.