У Беларусі вывучаюць кітайскі досвед па рамонце АЭС
Беларуская АЭС
Кіраўніцтва Беларускай АЭС вывучае кітайскі досвед правядзення рамонтаў на атамных электрастанцыях. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання расказаў новы гендырэктар АЭС Сяргей Бабовіч. Паводле яго слоў, да кітайскіх партнёраў "вельмі вялікая цікавасць".
"У іх вельмі вялікі досвед працы па рамонтам, блоках, па хуткасці, па выкананні аперацый", — кажа Бабовіч. А ўвогуле на БелАЭС маюць намер "вывучаць увесь сусветны вопыт, але пры гэтым расійскі бок, вядома, застаецца прыярытэтам". Беларусь таксама працягвае супрацоўнічаць з МАГАТЭ і Сусветнай асацыяцыяй арганізацый па эксплуатацыі атамных станцый.
Бабовіч таксама расказаў, што БелАЭС цяпер "працуе на поўную магутнасць, двума блокамі і з поўнай загрузкай". На станцыі працуюць 2660 чалавек, усе яны, паводле слоў Бабовіча, добрыя спецыялісты з высокай кваліфікацыяй. Ёсць і прадстаўнікі "Расатама", іх крыху больш за 40 чалавек. "Гэтыя людзі робяць вялікі ўклад у тое, што падтрымліваецца надзейнасць, бяспека станцыі, але і нашы беларускія спецыялісты працуюць на вышэйшым узроўні", — кажа Бабовіч.
Нагадаем, у снежні агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы "Расатама" паведаміла аб сур'ёзнай праблеме, якая ўзнікла пры будаўніцтве другога энергаблока. Інцыдэнт адбыўся ў лютым 2022 года — тады выявілася, што ў першы контур блока прасочваецца іёнаабменная смала. Гэта магло прывесці да выхаду са строю крытычна важных кампанентаў. У выніку "Расатам" нават часова адклаў запуск другога энергаблока. У беларускім Мінэнерга публікацыю назвалі спробай "дыскрэдытаваць нашы цёплыя адносіны" з Расіяй, але прызналі факт няштатнай сітуацыі. Нагадаем, другі энергаблок АЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю ў лістападзе 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.