У Беларусі ўведзены транспартны падатак
У Беларусі з 1 студзеня ўведзены транспартны падатак, які замяніў ранейшую дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да дарожнага руху. У пятніцу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон "Аб змене Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь".
Новы падатак будуць плаціць усе ўладальнікі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у базе ДАІ. Спаганяць яго будуць у залежнасці ад фізічных параметраў аўтамабіля, ад яго ўзросту (падаткам не будуць абкладацца аўтамабілі, зарэгістраваныя да 1 студзеня 1992 года). Пры гэтым стаўкі падатку ў параўнанні з дзяржпошлінай знізяцца (для пенсіянераў — на 50%).
Дарожны збор дзейнічаў у нашай краіне з 2014 года. Урад працаваў над змяненнем парадку яго выплаты амаль тры гады. Прычынай пошуку новых падыходаў да спагнання дзяржпошліны за допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху стала ігнараванне значнай колькасцю беларускіх кіроўцаў праходжання тэхагляду, бо для гэтага трэба было заплаціць дарожны збор. Пра ўвядзенне транспартнага падатку аб'явілі ў сярэдзіне снежня 2020-га. Цяпер ён адвязаны ад тэхагляду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.