У Беларусі з’явіцца піўная газета

У Беларусі з’явіцца газета “Піўная. Газета пра піва і пад піва”. Выданне атрымала афіцыйную рэгістрацыю яшчэ ў чэрвені. Яе першы нумар пабачыць свет у кастрычніку і выйдзе накладам у 10 тысяч асобнікаў.
Асноўны касцяк рэдакцыі паходзіць з легендарнай газеты “Навінкі”. Будуць у ёй і ветэраны Партыі аматараў піва, а таксама Клуба калекцыянераў піўной атрыбутыкі.

Як распавёў Еўрарадыё адзін з заснавальнікаў выдання Паўлюк Канавальчык, піўная газета будзе каляровай і таблоіднага фармату, хутчэй “іміджавая”, чым навінная.

Паўлюк Канавальчык:
“Наша газета будзе пісаць пра ўсё, пра што гавораць грамадзяне Беларусі над куфлем піва. Выходзіць будзем 100% на сучаснай гутарковай беларускай мове, на якой гавораць яе носьбіты. Школьным правапісам, таму што толькі ён дазволены заканадаўствам, і таму, што мы хочам, каб нас разумеў кожны выпускнік беларускай школы”.

Па словах Канавальчыка, газета будзе выходзіць двойчы на месяц. Першыя нумары плануецца распаўсюджваць бясплатна ў прамацыйных мэтах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі