У беларускіх памежнікаў зноў прэтэнзіі да ўкраінцаў: "правакацыі працягваюцца"
Выламаны чырвона-зялёны памежны знак / vk.com/gpkgovby
У беларускіх памежнікаў зноў з'явіліся прэтэнзіі да ўкраінцаў. Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ заяўляе, што "правакацыі з тэрыторыі Украіны працягваюцца". Сцвярджаецца, што на ўчастку Мазырскага памежнага атрада невядомыя выламалі два чырвона-зялёныя памежныя знакі. Здарэнне адбылося 11 ліпеня. Беларускія памежнікі кажуць, што бачылі сляды праз мяжу — заходу на тэрыторыю Беларусі і вяртання назад.
Беларускі бок лічыць, што ўкраінцы робяць спробы "абвастрыць абстаноўку на мяжы з Беларуссю". Украінскія памежнікі ў чэрвені заяўлялі, што якраз памежнікі РБ актывізавалі "інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі" на мяжы з Украінай. У адказ з украінскага боку мяжы не толькі гучаў зварот да беларусаў камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Прохарава ("Кіта"), але і кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.