У эфіры тэлеканала "Расія 1" заявілі, што "Беларусь — гэта ж Расія"
Леанід Рашэтнікаў / Wikimedia
Украіна і Беларусь — гэта Расія. З такой заявай у эфіры прапагандысцкага шоў "60 хвілін" на тэлеканале "Расія 1" выступіў генерал-лейтэнант Службы знешняй разведкі РФ у адстаўцы Леанід Рашэтнікаў.
Ён паўтарыў тэзісы расійскай прапаганды што напад на Украіну — "гэта выключна прэвентыўны ўдар". А потым адстаўны генерал-лейтэнант сказаў: "Украіна — гэта ж Расія. Беларусь — гэта ж Расія. Гэта ж Расія".
На папраўку вядоўцы Яўгена Папова, што Беларусь уваходзіць у Саюзную дзяржаву, Рашэтнікаў адказаў: "Саюзная, так. Але гэта Расія. Гэта вялікая Расія".
Пасля гэтага вядоўца Вольга Скабеева папрасіла, каб генерал узгадаў пра Лукашэнку: "Не палохайце Аляксандра Рыгоравіча".
Узнікла беларуская тэма і ў далейшым абмеркаванні. Рашэтнікаў расказаў пра магчымасць новага наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі, згадаўшы пры гэтым пратэсты 2020 года: "Так, мы можам з боку Беларусі правесці нейкую наступальную акцыю, а можам і не. Трэба берагчы мяжу з Польшчай. Яны ледзь не адхапалі два гады таму ў нас Заходнюю Беларусь. Практычна на валаску усё было. Калі б не Масква і прэзідэнт наш, можа быць, мы б страцілі Беларусь як Саюзную дзяржаву".
Гаворачы пра беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні, адстаўны генерал паведаміў, што расійскія вайскоўцы "актыўна працуюць з беларускім войскам". У беларускага войска, па яго словах, "досведу наогул няма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.