У Германіі пачынаецца тыдзень гневу — трактары ў Берліне і перакрытыя аўтабаны

Трактары ля Брадэнбургскай брамы ў Берліне

Трактары ля Брадэнбургскай брамы ў Берліне / bild.de

У Германіі пачынаецца тыдзень пратэстных акцый, арганізаваных Нямецкім сялянскім саюзам (DBV). Фермеры выступаюць супраць скарачэння сельскагаспадарчых субсідый. Нямецкі ўрад пазбавіў іх з гэтага года скідак на дызельнае паліва і падатковых ільгот. Гэтыя меры, паводле падлікаў нямецкага Мінфіна, дазволяць штогод эканоміць для бюджэту 480 млн еўра, піша Deutsche Welle

Каля Брандэнбургскай брамы ў Берліне з вечара нядзелі ўжо пачалі з'яўляцца трактары, аднак раніцай у панядзелак сітуацыя заставалася спакойнай, паведамляе Bild са спасылкай на мясцовую паліцыю. У розных землях краіны пачаліся блакады аўтатрас. Заблакіраваны, у прыватнасці, мост праз Эльбу ў зямлі Саксонія-Анхальт. Пратэстанты прапускаюць толькі медработнікаў, якія едуць на працу. Дзесяткі трактароў і грузавікоў блакуюць аўтамагістраль у раёне раёне горада Клоппенбург у Ніжняй Саксоніі.

Да фермераў далучыліся і кіроўцы грузавікоў — яны таксама ўдзельнічаюць у пратэстах. Да Брандэнбургскай брамы ў Берліне, па дадзеных Bild, з'ехаліся цэлыя аўтатранспартныя кампаніі. Удзельнічаць у пратэстах таксама маюць намер і прадстаўнікі грамадскага харчавання — нямецкі ўрад з новага года сур'ёзна павысіў падатак на гастранамію.

Адзначым, што ўрад Германіі спрабаваў папярэдзіць забастоўку і пагадзіўся зрабіць сустрэчныя крокі — адмяніць ільготы не цалкам і адначасова, а паступова і не ў поўным аб'ёме. Але такі кампраміс фермераў не задаволіў. "Гэтыя планы павінны быць зняты з парадку дня. Мы не зменім сваё меркаванне", — заявіў кіраўнік Нямецкага сялянскага саюза Йоахім Руквід.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі