У Гродна са 150 аўтамабіляў пабудавалі карту Беларусі (відэа)
Аўтамабілісты ў Гродне зрабілі беларусам незвычайны падарунак да 2018 года. Са 150 аўтамабіляў і тузіна матацыклаў яны пабудавалі контуры Беларусі.
У ролях абласных гарадоў выступілі аўтамабілі гродзенскай ДАІ. А пешаходы паднялі да неба ліхтарыкі, склаўшы сімвалічныя лічбы "2018".
"Год таму мы арганізаваліся і за суткі пабудавалі сняжынку з сотні аўтамабіляў. Яе фатаграфіі атрымалі вялікую папулярнасць, і мы вырашылі працягнуць, — распавядае адзін з арганізатараў Вадзім Кайро.
"Зараз фігуры сняжынак, елак і снегавікоў сталі звыклай справай. Аўтамабільныя супольнасці спаборнічаюць толькі ў памерах фігур. Мы б хацелі змяніць вектар флэшмобу і паказаць, што іншыя фігуры даюць нашмат больш магчымасцяў для творчасці, — дадае яшчэ адна з арганізатараў, Юлія Маркоўкіна. — Першапачаткова мы планавалі будаваць сімвал, вядомы і любімы менавіта гарадзенцамі. Але ж нашае віншаванне для ўсіх жыхароў Беларусі, таму і быў абраны контур краіны".
Падрыхтоўка да флэшмобу заняла месяц. Для гэтага праводзіліся адмысловыя трэніроўкі, на якіх высвятлялася, у якой паслядоўнасці лепш запальваць габарытныя агні і наколькі добра яны бачныя з паветра.
— у праекце ўзялі ўдзел 150 аўтамабіляў, 10 матацыклаў і 60 пешаходаў; — контур Беларусі ўпісаны ў квадрат памерамі 100х100 метраў; — на 170 метраў давялося падняць камеру, каб гіганцкая фігура змясцілася ў яе аб'ектыў.