У Гродне ў неба запусцілі ялінку, снегавіка, Дзеда Мароза
Запускам навагодніх ракетаў адзначылі свята ў Гродне, інфармуе БЕЛТА.
Святочныя мадэлі ракет ручной работы паказалі выхаванцы лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. Ужо не першы Новы год гурткоўцы і іх выкладчык Аляксандр Ліпай адзначаюць такім чынам.
Імправізаваным касмадромам стаў цэнтральны спартыўны комплекс "Нёман". У неба ўзляцелі ракеты ў выглядзе навагодняй ялінкі, снегавіка, Дзеда Мароза. Самай арыгінальнай, мабыць, была ракета, якая абыгрывала змену не толькі года, але і яго знака. У неба яна ўзляцела ў выглядзе пеўня, на вышыні яна раскрылася і на парашуце да гледачоў спусцілася фігурка сабакі — сімвала 2018 года.
Прысутным таксама прапанавалі згуляць у віктарыну на касмічную тэматыку, разыгралі сярод гасцей і прызы ў касмічную латарэю.
Гродзенскія ракетамадэлісты адзначаюць пускам ракет не толькі Новы год, але і іншыя святы — напрыклад, Дзень касманаўтыкі. Іх трэнер Аляксандр Ліпай і некалькі выхаванцаў лабараторыі неаднаразова станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможцамі этапаў Кубка свету.