У Гродне з'явіцца вуліца імя польскага дэзерціра, які павесіўся ў Беларусі

Эміль Чэчка / sb.by

Эміль Чэчка / sb.by

У цэнтры Гродна з'явіцца праезд імя Эміля Чэчкі, піша hrodna.life. Адпаведнае рашэнне прыняў 30 жніўня гарсавет.

Цяпер гэты праезд не мае назвы. Ён размешчаны ў дварах паміж вуліцай Будзёнага (дамы 46 і 48) і вуліцай Ажэшкі (дамы 47 і 49) і вядзе да будынка консульства Польшчы.

Польскі салдат Эміль Чэчка збег у Беларусь 16 снежня 2021 года і папрасіў палітычнага прытулку. У інтэрв'ю беларускім дзяржаўным СМІ ён заяўляў пра масавыя забойствы мігрантаў і валанцёраў, якія ўчынялі на мяжы польскія вайскоўцы. Таксама ён казаў, быццам сам удзельнічаў у гэтых расстрэлах. Пасля заяваў Чэчкі ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека правяло праверку і не знайшло пахаванняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы, пра якія казаў дэзерцір.

А 17 сакавіка 2022 года стала вядома, што Чэчку знайшлі павешаным у Мінску па месцы жыхарства. Вынікаў праверкі па факце яго смерці Следчы камітэт не публікаваў.

Пахавалі Чэчку ў Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі