ДПК: Польскі вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі

Эміль Чэчка расказаў памежнікам, што ён вайсковец 11 Мазурскага артылерыйскага палка / @gpkgovby​
Эміль Чэчка расказаў памежнікам, што ён вайсковец 11 Мазурскага артылерыйскага палка / @gpkgovby​

Польскі вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ.

У ведамстве расказалі, што напярэдадні вечарам каля мяжы з Польшчай памежнікі спынілі маладога мужчыну. Гэта адбылося каля заставы Тушэмля ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Мужчыну завуць Эміль Чэчка, ён 1996 года нараджэння.  

Мужчына расказаў памежнікам, што "з'яўляецца вайскоўцам 11 Мазурскага артылерыйскага палка 16 Паморскай механізаванай дывізіі імені караля Казіміра". Па яго словах, часткі дывізіі цяпер знаходзяцца на польска-беларускай мяжы. Іх перакінулі сюды на час дзеяння надзвычайнага становішча на памежных тэрыторыях Польшчы.

Папрасіць прытулку ў Беларусі ён вырашыў "у сувязі з нязгодай з палітыкай Польшчы, якая праводзіцца адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжання з бежанцамі", падкрэслілі ў ДПК.  

Польшча ўвяла надзвычайнае становішча на памежных з Беларуссю тэрыторыях праз абвастрэнне міграцыйнага крызісу. У ЕС лічаць, што да стварэння крызісу датычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які выкарыстоўвае мігрантаў для вырашэння палітычных задач.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі