У Іране суд асудзіў маладую пару на 10 з паловай гадоў турмы за танец на вуліцы

Тэгеран / АР
Тэгеран / АР

У Іране маладую пару — Астыяж Хагігі і яе жаніха Аміра Ахмадзі — асудзілі на 10 з паловай гадоў турмы за рамантычны танец на вуліцы. Гісторыю расказвае Guardian.

Маладым людзям — да 20 гадоў. Іх арыштавалі яшчэ ў лістападзе пасля таго, як у інтэрнэце з'явілася відэа, на якім яны танчаць на фоне адной з галоўных славутасцяў Тэгерана — вежы Азадзі. Іх абвінавацілі ў "распаўсюдзе заганы", "публічнай прастытуцыі" і "змове з мэтай падрыву нацыянальнай бяспекі".  

Паводле версіі ўладаў, Хагігі і Ахмадзі парушылі забарону, згодна з якой жанчынам не дазваляецца танцаваць на публіцы, тым больш з мужчынам. Акрамя таго, на дзяўчыне не было хіджаба. Суд палічыў, што такім чынам пара падтрымлівала пратэсты ў краіне. Пратэсты, нагадаем, пачаліся пасля смерці іншай дзяўчыны, якую затрымалі за няправільнае нашэнне хіджаба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі