У Іспаніі ўпершыню абаранілі дысертацыю па беларускай літаратуры
4 верасня ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце найбуйнейшага універсітэта Іспаніі — Універсітэта Камплютэнсе адбылася паспяховая абарона доктарскай дысертацыі Анхелы Эспіносы Руіс. Тэма дысертацыі гучала так — “Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера”, інфармуе амбасада Беларусі ў Іспаніі.
Гэта першы выпадак абароны дысертацыі па беларускай літаратуры ў Іспаніі.
Ян Баршчэўскі — пісьменнік-рамантык ХІХ стагоддзя, аўтар кнігі "Шляхціц Завальня". Густава Адольфа Бэкер — найбуйнейшы іспанскі пісьменнік-рамантык ХІХ стагоддзя.
Іспанка Анхела Эспіноса Руіс шмат гадоў вывучае беларускую мову і літаратуру, а таксама піша вершы па-беларуску. Яна выдала тры зборнікі вершаў па-беларуску, а таксама пераклала на іспанскую мову вершы Максіма Багдановіча.
Дарэчы, падчас абароны дысертацыі прадстаўнік беларускай амбасады ў Іспаніі ўручыў Анехеле Эспіносе Руіс падзяку Мінкультуры Беларусі за значны асабісты ўнёсак у развіццё беларуска-іспанскага культурнага супрацоўніцтва.