У Кіеве ў нядзелю адбыліся сутычкі пратэстоўцаў і паліцыі

У Кіеве ў нядзелю адбыліся сутычкі пратэстоўцаў і паліцыі

19 лютага ў Кіеве прайшла акцыя, прысвечаная трэцяй гадавіне сутычак на Еўрамайдане ў 2014 годзе. Тады загінулі больш за 100 чалавек, названыя пазней "Нябеснай сотняй".

У акцыі 19 лютага ўдзельнічалі некалькі соцень чалавек. Яны арганізавалі шэсце ад Майдана Незалежнасці да Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Банкавай. Пратэстоўцы патрабавалі, каб кіраўніцтва краіны спыніла гандаль з так званымі "ЛНР" і "ДНР".

Пратэстоўцы хацелі паставіць намёты каля Адміністрацыі прэзідэнта, перадаюць украінскія СМІ. Пры гэтым узніклі сутычкі паміж імі і паліцыяй. Таксама паведамляецца, што паліцыя не дала пранесці металічныя прадметы для намётаў.

На вуліцы Інстытуцкай праваахоўнікі паставілі агароджу, каб спыніць пратэстоўцаў. Ёсць звесткі, што ўдзельнікі акцыі кідалі ў паліцыю петарды і спрабавалі зламаць агароджу, каб прайсці да Адміністрацыі прэзідэнта.

Пры сутычках пацярпелі 10 пратэстоўцаў. Ёсць звесткі таксама пра пацярпелага паліцыянта. Праваахоўнікі затрымалі пяць чалавек.

Кіраўніцтва Украіны купляе на Данбасе вугаль і заяўляе, што альтэрнатывы гэтым пастаўкам няма. Тым часам актывісты блакавалі чыгунку, каб спыніць гандаль з "ДНР" і "ЛНР". У выніку дэфіцыту вугалю ўкраінскі ўрад увёў надзвычайныя меры ў энергетычнай сістэме. У сярэднім запасаў вугалю хопіць прыкладна на 40 сутак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі