У Кітаі за 48 гадзін пабудавалі клініку для хворых на каранавірус? Гэта фэйк

У Кітаі за 48 гадзін пабудавалі клініку для хворых на каранавірус? Гэта фэйк

30 студзеня ў розных СМІ з'явіліся паведамленні, што ў Кітаі за 48 гадзін пабудавалі клініку для хворых на каранавірусную інфекцыю. Напісалі пра гэта і беларусы:

"Карпусы пабудавалі за 48 гадзін і запусцілі ў тэрміновым парадку, — паведамляе сайт Белтэлерадыёкампаніі. — Яны могуць змясціць 1000 пацыентаў".

"Управіліся за 48 гадзін: паглядзіце, якую бальніцу пабудавалі ў Кітаі для заражаных каранавірусам", — радуе загалоўкам сайт "Белновости".

Насамрэч клініка каля Уханя для хворых на каранавірус, якую кітайскія будаўнікі абяцалі ўзвесці за шэсць дзён, яшчэ будуецца. За гэтым можна сачыць у рэжыме анлайн на спецыяльным сайце. 

А на відэа — карпусы лякарні Dabie Mountain у горадзе Хуанган. Да ўспышкі каранавіруса яны пуставалі. За два дні рабочыя змаглі "ажывіць" іх — ператварыць у дзеючую лякарню на 1 тысячу ложкаў.

Гэта можна зразумець, напрыклад, паглядзеўшы сюжэт кітайскай тэлесеткі CGTN з месца падзеяў:

Дзве розныя бальніцы, вось так. Першую абяцаюць пабудаваць за шэсць дзён, але ў гэтым ужо пачынаюць сумнявацца. Другую не будавалі, а прыводзілі ў парадак. Зрабіць гэта за два дні гэта было няпроста, але кітайцы справіліся.

Каронавірус, які выклікае смяротную пнеўманію, упершыню быў зарэгістраваны ў кітайскім Ухані месяц таму. На 31 студзеня вядома пра 213 смерцяў ад яго. Колькасць хворых набліжаецца да 10 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі