У Курапатах брутальна затрыманы кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч

У Курапатах брутальна затрыманы кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч

3 лістапада побач з рэстаранам “Поедем поедим” у Курапатах брутальна затрыманы кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч і яшчэ пяцёра ўдзельнікаў Курапацкай варты. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў журналіст Дзяніс Івашын.

Па яго словах, Казакевіч спрабаваў прайсці на тэрыторыю “Поедем поедим”, каб сустрэцца з “патэнцыйнымі выбаршчыкамі”. Але ахова рэстарана затрымала іх на ўваходзе і выклікала міліцыю. Спробы не пусціць актывістаў у рэстаран скончыліся бойкай, якая працягвалася нават калі міліцыянты ўжо былі на месцы здарэння. Праз некалькі хвілінаў да брамы “Поедем поедим” пад’ехаў мікрааўтобус, у якім затрыманых завезлі ў Бараўлянскі РАУС, да якога адносяцца Курапаты і навакольная тэрыторыя.

Сярод затрыманых, акрамя Казакевіча, апынуліся Валер Рабцоў, Максім і Дзяніс Урбановічы, Віталь Трыгубаў і непаўнагадовы Іларыён Трусаў. Пасля складання пратакола яго выпусцілі з міліцыі. Хлопец распавёў, што інспектар па справах непаўнагадовых збіраецца звярнуцца ў суд, каб там было вырашана, ці не варта адправіць яго ў спецустанову закрытага тыпу.

Зміцер Казакевіч з’яўляецца сябрам незарэгістраванай Партыі БХД. Ён балатуецца ў Палаты прадстаўнікоў па Свіслацкай выбарчай акрузе №94 горада Мінска. У дэпутаты ён вылучаны ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сёння ў Мінску праходзіла шэсце на Дзяды, якое традыцыйна завяршаецца ў Курапатах. Там абыйшлося без затрыманняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі