У Лідзе на мітынгу разважалі, куды будуць наступаць палякі: на захад ці на ўсход
У Лідзе прайшоў мітынг, прысвечаны заканчэнню вучэбнага збору з вайскоўцамі, якіх прызвалі з запасу ў мясцовую тэрытарыяльную абарону. Перад "партызанамі" выступіў з прамовай начальнік тэрытарыяльнай абароны, намеснік начальніка Генштаба Узброеных сіл Беларусі Андрэй Маціевіч.
"На жаль, у нашым свеце цяпер неспакойна, асабліва на захадзе і поўдні, — цытуе словы Маціевіча sb.by. — У Польшчы, краінах Балтыі праводзяцца маштабныя вучэнні. Кожны год склад войскаў, якія прыцягваюцца, павялічваецца, адпрацоўваюцца задачы па фарсіраванні водных перашкод, захопу участкаў мясцовасці і іх ўтрыманні. Гэта відавочна не абарона... — гэта наступ! Пытанне: куды? Мабыць, не на захад, а на ўсход. А на ўсходзе мы з вамі".
Начальнік тэрытарыяльнай абароны заявіў прысутным, што яны павінны ўмець абараняць "самастойнасць", паколькі "мы — самастойны народ".
Праверка тэрытарыяльнай абароны Лідчыны праходзіла з 10 траўня. Быў сфармаваны яе раённы штаб і "асобны стралковы батальён".
Як вядома, у дадатак да тэрытарыяльнай абароны ўлады Беларусі збіраюцца стварыць і "народнае апалчэнне". Тым часам беларускія вайскоўцы з палка Каліноўскага, якія ваююць за Украіну, заклікаюць сваіх прыхільнікаў уступаць і ў тэрабарону, і ў "апалчэнне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.