У Магілёўскай вобласці за "абразу Лукашэнкі" затрымалі двух братоў
У Беларусі працягваюць затрымліваць удзельнікаў пратэстаў 2020-га
У Магілёўскай вобласці за "абразу Лукашэнкі" затрымалі двух стрыечных братоў. Яны сталі фігурантамі крымінальных спраў, ім выстаўленыя абвінавачванні. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, у жніўні 2022-га 50-гадовы жыхар Магілёўскага раёна, кіраўнік кампаніі па вытворчасці тавараў для камфортнага сну ў адным з "экстрэмісцкіх" тг-каналаў змясціў "свой гнеўны абразлівы каментар" на адрас Аляксандра Лукашэнкі. На наступны дзень гэты каментар "падтрымаў" яго старэйшы брат, які нідзе не працуе. У іх завязалася перапіска, у якой следчыя знайшлі і іншыя "грубыя і рэзкія выказванні" пра таго ж чалавека.
СК сцвярджае, што браты "падтрымлівалі радыкальныя погляды" і былі падпісаныя на тг-каналы, прызнаныя ў РБ "экстрэмісцкімі", пакідалі свае каментары. Іх вылічылі супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.
Кіраўніка кампаніі Следчы камітэт называе "заўзятым прыхільнікам экстрэмісцкіх поглядаў". Сцвярджаецца, што ў жніўні 2020-га ён удзельнічаў у масавых акцыях пратэсту.
Як паведамляе "Наша ніва", імаверна, адзін з братоў — 50-гадовы Юрый Лапуцін.
За "абразу Лукашэнкі" ў Беларусі ўжо асуджаны сотні, а магчыма, і тысячы людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.