У Маладзечне з'явіўся мурал з Гадзілай у традыцыйным беларускім касцюме (фота)
Мурал з Гадзілай у традыцыйным беларускім жаночым касцюме з'явіўся ў Маладзечне. Яго аўтарам стаў мастак і дызайнер Максім Восіпаў.
Каментуючы ў Фэйсбуку свой твор, аўтар напісаў: "Дадзеная праца была натхнёная тымі, хто бясконца заклікае нас адраджаць і шанаваць разнастайныя традыцыі, не вельмі ўдаючыся, навошта, уласна, нам яны цяпер патрэбныя. Ад шпаргалак па выкарыстанні арнаменту (які ромбік сімвалізуе сонца, а які — маладосць?) да метадычак па выкананні традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Але калі, уласна, гэтыя традыцыі ствараліся, яны выконвалі суцэльна ўтылітарныя функцыі. Насіць вопратку з арнаментамі — ад сурокаў, майстраваць загарадкі на могілках — ад жывёлаў на пашы, будаваць замкі — ад нападу ворагаў, пабіваць дзяцей і жонак — каб ведалі сваё месца ў сацыяльнай лесвіцы. На гэтай сцяне гандлёвага павільёна (які па чыстым супадзенні прадае сушы) Гадзіла ў традыцыйным беларускім касцюме заклікае неадкладна паважаць традыцыі натоўп, складзены з персанажаў хрэстаматыйных карцін Іванова, Пярова і Брулова".
Твор зроблены ў стылістыцы традыцыйных для Беларусі маляваных дываноў.