У Марока адбыўся магутны землятрус. Загінула мінімум 632 чалавекі
Наступствы землятрусу ў Марока
У гарах Высокага Атласа Марока адбыўся землятрус 8 верасня. З-за гэтага некаторыя будынкі апынуліся разбураныя, жыхарам буйных гарадоў прыйшлося бегчы з дамоў.
Ужо вядома пра 632 загінулых і 329 параненых, піша Reuters.
Жыхары Маракеша, бліжэйшага да эпіцэнтра буйнога горада, паведамілі, што некаторыя будынкі абрынуліся ў Старым горадзе, унесеным у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Монтасір Ітры, жыхар горнай вёскі Асні, сказаў, што большасць дамоў там былі пашкоджаныя.
— Нашы суседзі знаходзяцца пад заваламі, і людзі прыкладаюць усе намаганні, каб выратаваць іх, выкарыстоўваючы даступныя ў вёсцы сродкі.
Настаўнік Хамід Афкар, які жыве недалёка ад Таруданта, сказаў, што адчуваў падземныя штуршкі.
— Зямля скалыналася каля 20 секунд. Дзверы адчыняліся і зачыняліся самі па сабе, калі я кінуўся ўніз з другога паверха.
Землятрус закрануў правінцыі Эль-Хаўз, Уарзазат, Марракеш, Азілаль, Чычауа і Тарудант.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.