У Марыі Калеснікавай у СІЗА ў Жодзіне пачалася алергія
У Марыі Калеснікавай у СІЗА ў Жодзіне пачалася алергія на пыл. Пра гэта распавяла яе адвакатка Людімла Казак. Яна бачылася са сваёй падабароннай 14 верасня.
Калеснікава знаходзіцца ў камеры на шэсць чалавек. "У Марыі алергія на пыл, напэўна, яе забяспечылі не вельмі свежымі матрацам, падушкай і пасцельнай бялізнай — і ў яе абвастрылася алергія. Яна кашляе моцна, нос закладзены, ацёк насаглоткі, свярбяць вочы, ёй медыцынскую дапамогу аказваюць, але мы напісалі заяву на імя начальніка турмы, каб памянялі ёй інвентар па магчымасці і забяспечылі перадачу лекаў", — перадае TUT.by словы адвакаткі.
На настроі Калеснікавай стан здароўя, па словах Людмілы Казак, ніяк не адбіўся.
Таксама адвакатка паведаміла, што лісты да Калеснікавай не даходзяць. на гэтым тыдні ёй павінныя выставіць абвінавачванне па крымінальнай справе.
Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Мінска 7 верасня. На наступны дзень яе спрабавалі вывезці з краіны, але жанчына парвала свой пашпарт, пасля чаго яе затрымалі. Толькі 9 верасня стала вядома, што яна знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску і праходзіць падазраванай па крымінальнай справе аб спробе захопу ўлады. 11 верасня яе перавялі ў Жодзіна.
Калеснікава запатрабавала, каб Следчы камітэт пачаў справу супраць супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК МУС. Па словах жанчыны, падчас затрымання яе пагражалі забіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.