У мінскім "Дынама" будзе гуляць Андрэй Касціцын
За мінскае "Дынама" ў будучым сезоне будуць выступаць браты Андрэй і Сяргей Касціцыны. Спачатку, у пачатку траўня, беларускі хакейны клуб падпісаў кантракт з 31-гадовым Сяргеем, а 21 траўня стала вядома пра кантракт з 33-гадовым Андрэем, ён разлічаны на адзін год, інфармуе прэс-служба ХК "Дынама-Мінск".
Мінулы сезон Андрэй Касціцын правёў у кітайскім "Куньлуне", у 22 матчах закінуў 3 шайбы і зрабіў 10 галявых перадач. Апошні раз за беларускі клуб ён гуляў у сезоне 2008/2009 гадоў, калі правёў пяць матчаў у Кубку Беларусі за "Керамін". Старэйшы з братоў Касціцыных згуляў за зборную Беларусі па хакеі 159 матчаў, закінуў 40 шайбаў. У НХЛ на яго рахунку 398 паядынкаў, у якіх набраў 222 ачкі (103+119), у КХЛ — 306 матчаў, 186 ачкоў (81+105).
Браты Касціцыны гулялі разам у КХЛ за "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада ў пачатку сезону 2015/2016 гадоў.