У Мінску адбываюцца ператрусы ў анархістаў
У Мінску зранку 26 верасня адбываюцца ператрусы ў актывістаў анархісцкага руху. Як паведамляе сайт "Анархісцкі чорны крыж Беларусь", вядома пра ператрусы прынамсі ў двух кватэрах.
У адной з кватэраў ператрус пачаўся ў 7.10 раніцы. На той момант у кватэры было пяць чалавек, у тым ліку грамадзянка Германіі.
На кватэры ў іншай дзяўчыны правялі ператрус, канфіскавалі камп'ютары і літаратуру. Паведамляецца, што ператрус праводзілі спецыялісты крымінальнага вышуку па справе ў Івацэвічах.
Актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок паведаміў у сацсетках, што ператрусы звязаныя з падпалам рэкламнага шчыта ў Івацэвічах два месяцы таму.