У Мінску адмянілі канцэрт расійскага гурта Shortparis
Гурт Shortparis / ©Shortparis, Кацярына Сяргеева
У Мінску адмяняецца канцэрт расійскага эксперыментальнага гурта Shortparis. Пра гэта ў сацсетках напісалі арганізатары выступу — івэнт-канцэртнае агенцтва Horse&Vega.
"Як ні сумна, замест таго каб радасна рыхтавацца да канцэрту, які мы ўсе так доўга чакалі, нам давядзецца рыхтавацца да выдачы вяртання за квіткі", — гаворыцца ў паведамленні.
Як выявілася, Міністэрства культуры адмовілася выдаць гастрольнае пасведчанне на гэты канцэрт у Мінску.
Выступ Shortparis быў прызначаны на 26 верасня ў Prime Hall. Арганізатары планавалі абвясціць новую дату канцэрта, узгодненую з артыстамі, але былі вымушаныя рабіць зусім іншую абвестку.
Музыкі Shortparis граюць у стылях post-pop, pop-noir, avant-pop, experimental.
У лютым вакаліста гурта аштрафавалі ў Расіі за ўдзел у антываенным мітынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.