У Мінску асудзілі хлопцаў, якіх абвінавачвалі ў падпале аўто чыноўніка
Антон Лысаў і Захар Таразевіч / spring96.org
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў двум хлопцам вялікія тэрміны зняволення (7,5 і 10 гадоў калоніі). Іх абвінавачвалі ў падпале аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Аляксея Волкава ў кастрычніку мінулага года, паведамляюць праваабаронцы. Першапачаткова справа была ўзбуджаная па артыкуле "тэрарызм", аднак потым яго перакваліфікавалі на "знішчэнне маёмасці". Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Фігуранты — 19-гадовы Захар Таразевіч і 23-гадовы Антон Лысаў. Хлопцаў таксама абавязалі заплаціць за спалены аўтамабіль.
Праваабаронцы нагадваюць, што на пасаду старшыні Камітэта судовых экспертыз Волкаў быў прызначаны ў кастрычніку 2020 года. А да гэтага ён працаваў у Следчым камітэце і вёў справы супраць палітвязняў. У прыватнасці, летам 2020 года Волкаў ад імя СК агучваў у СМІ інфармацыю пра крымінальныя справы супраць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, а таксама распавядаў пра затрыманне 33 "вагнераўцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.