У Мінску людзі ў цывільным затрымалі аргентынскага вулічнага мастака

У Мінску людзі ў цывільным затрымалі аргентынскага вулічнага мастака

Аргентынскі вулічны мастак Францыска Басалеці затрыманы ў Мінску людзьмі ў штацкім і звезены ў невядомым кірунку. Пра гэта паведамляе ў сацыяльных сетках суполка Signal. Па словах блогера Рамана Пратасевіча, які цяпер знаходзіцца на Рабкораўскай, 21, дзе Францыска размалёўваў сцяну, да дома пад'ехала машына, з якой выйшаў чалавек у цывільным. Ён падышоў да мастака, папрасіў прад'явіць пашпарт, пасля чаго пасадзіў хлопца ў машыну, якая з'ехала ў невядомым кірунку:


"Чалавек быў без формы і ніяк не прадставіўся. Сябра, які дапамагае Францыска, быў сведкам здарэння. Ён вельмі здзіўлены таму, што адбываецца. Кажа, што гэта могуць быць міліцыянты. Мы не ведаем, дзе знаходзіцца Францыска. Мы звязаліся з амбасадай Італіі, бо хлопцы маюць двайное грамадзянства, да пошукаў падключыліся дыпламаты і адвакаты з праваабарончага цэнтра". 


Францыска Басалеці прыехаў у Мінск у межах вядомага стрыт-арт-праекта Urban Myths. Пазнаёміўшыся з Беларуссю і культурай, мастак вырашыў маляваць у Мінску "жывое сэрца", якое сімвалізуе Беларусь як сэрца Еўропы. Да таго ж Францыска натхніла і творчасць Святланы Алексіевіч: 


"Карані старажытных дубоў сталі артэрыямі, а рэкі нясуць насычаную кіслародам кроў па ўсім целе. Я чытаў пра слуцкія паясы. І мне здаецца што тканіна, якую рабілі  беларускія дзяўчаты,  можа быць намаляваная ў выглядзе тканак гэтай магутнай мышцы. Каб паказаць,  што гэтыя традыцыі жывыя ў душы кожнага беларуса. Мне спадабаўся метад, якім Святлана Алексіевіч пераплятае сотні гісторый ў паэтычную сімфонію галасоў, гэта як песня, праспяваная для аднаго вялікага сэрца",  — распавёў мастак ідэю свайго мурала ў Мінску. 


18 верасня, пакуль ішло афіцыйнае ўзгадненне сцяны, прызначанай для новага мурала, мастак пачаў яе рыхтаваць для працы.


 “Праблема ў тым, што мы пачалі на тры гадзіны раней, — кажа каардынатар праекта Urban Myths Алег Ларычаў. — Узгадненне ў нас мусіла з’явіцца пазней. Звычайна мы так і робім. Пачынаем загадзя рыхтаваць сцяну, размячаць, а паралельна працягваем узгадненне. У нас была ўпэўненасць, што ўзгодняць. Але нехта ў горадзе, у адміністрацыі Мінска, падняў хайп, і вось так атрымалася”.

Праўда, ад пачатку магчымасць Францыска увасобіць сваю ідэю стаяла пад пагрозай. Першапачаткова мурал аргенцінца мусіў з'явіцца на сцяне дома па вуліцы Заслаўскай. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска была не супраць. З мастаком зладзілі сустрэчу на афіцыйным узроўні ў мінскай гімназіі-каледжы мастацтваў. На ёй прысутнічаў і кіраўнік раёна Ігар Бузоўскі. Тады чыноўнік заявіў, што яго насцярожвае вобраз сэрца, і што ён уяўляе, колькі негатыўных водгукаў пра "нутро чалавека" на сцяне ён пачуе ад жыхароў раёна. 


У выніку эскіз малюнка, які быў перададзены ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна, а яна ў сваю чаргу мусіла ўзгадніць праект на ўзроўні горада, так і завіс. У пятніцу 15 верасня, калі была замоўленая вышка і павінна была  пачацца праца, чыноўнікі прапанавалі Францыску іншую сцяну — на будынку РНПЦ кадрыялогі на вуліцы Розы Люксембург. Па словах Алега Ларычава, яны спасылаліся нібыта на незадаволенасць жыхароў Цэнтральнага раёна новымі мураламі бразільскіх стрытаратараў, зробленымі нядаўна ў межах фестывалю Vulica Brasil. Тады ж у пятніцу праект Signal паведаміў, што мурал Францыска ў Мінску можа "накрыцца медным тазам", бо на выхадных без дазволу адміністрацыі працы пачынаць нельга, а Францыска мусіць ляцець дадому 20 верасня. Арганізатары вырашылі паспрабаваць перамясціць працы ў Кастрычніцкі раён, дзе летась было створана 8 муралаў і памяняць квіткі на самалёт для мастака. Аднак калі раней узгадненне эскіза з горадам займала некалькі гадзін, гэтым разам малюнак разглядаюць пяць дзён і рашэнне па ім не прынятае дагэтуль.


Ёсць верагоднасць, што прычына такой рэакцыі ўладаў на аднаўленне праекта Urban Myths — працяг помсты кіраўніку праекта Алегу Ларычаву за асвятленне у "сігналаўскіх" суполках пратэстных графіці, якія вясной з'яўляліся ў Мінску і Мазыры. Тады ж Ларычаў быў жорстка збіты і двойчы затрыманы міліцыяй нібыта за нецэнзурную лаянку. 


Нагадаем, спачатку на сцяне ў цэнтры сталіцы "праступіла" выява экс-міністра працы Марыяны Шчоткінай з подпісам "Гэта я прыдумала падатак на дармаедства". Далей там жа з'явіўся экс-прэм'ер, а цяпер кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Аналагічныя выявы былі зробленыя ў Мазыры. 


Пасля гвалтоўнага разгону шэсця на Дзень Волі сацыяльныя графіці вярнуліся ў Мінск: на сценах з'явіліся партрэты міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча і кіраўніка АМАП Дзмітрыя Балабы. Першы падпісалі "Гэта я ганаруся формай і метадамі НКУС", а другі "Гэта я кірую разгонамі мірных сбораў грамадзян. За вашы грошы".

Праект Францыска Басалеці ў Мінску падтрымала онлайн-галерэя ArtClub.by і прыватныя мецэнаты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі