У Мінску ў ГЦ “Гарызонт” адкрылася “арт-сядзіба”
Што рыхтуе для жыхароў сталіцы новае месца тусовак, расказвае адзін са стваральнікаў, Павел Белавус.
Еўрарадыё: Як бы вы ахарактарызавалі “арт-сядзібу” трыма словамі?
Белавус: Моладзь, культура, жыццё – я б так сказаў.
Еўрарадыё: Як прыйшла такая ідэя – стварэнне “арт-сядзібы”?
Белавус: Гэтая ідэя у нашых галовах даўно лётала, бо гэта раблю не я адзін, нас цэлая кампанія. Усе людзі творчыя, хтосьці займаецца музыкай, хтосьці - мастацтвам, хтосьці здымае кліпы. Спачатку было вырашана, зрабіць такое месца, дзе мы маглі б сустракацца па-за межамі сваіх кватэр і офісаў, каб гэта было агульнае месца. А пасля мы падумалі – чаму гэтае месца павінна быць толькі нашым? Хай яно стане агульнай пляцоўкай для новых людзей, якія могуць прыходзіць, знаёміцца з намі і паміж сабой, і нешта прэзентаваць на гэтай пляцоўцы.
Еўрарадыё: “Арт-сядзіба” будзе працаваць 24 гадзіны на суткі?
Белавус: На жаль, так не атрымаецца, бо мы знаходзімся ў памяшканні, якое належыць прадпрыемству “Гарызонт”. Гэта стратэгічны аб’ект, але шмат памяшканняў там выкарыстоўваецца пад офісы. Мы плануем працаваць з 10 ранку да 10 вечара. На сёння, пакуль святы і шмат іншых справаў, абароты мы нарошчваем паступова.
Еўрарадыё: А якія імпрэзы запланаваныя на бліжэйшы час?
Белавус: Пра ўсё гэта мы пішам у сацыяльных сетках. У аўторак Адукацыя.інфо збірае сяброў, яны будуць ладзіць калядна-навагоднюю сустрэчу з некаторымі гуртамі і паэтамі. У сераду арганізацыя “Фіальта” у нашым памяшканні правядзе фры-маркет, цэлы дзень будзе працаваць пляцоўка, куды кожны можа прынесці свой хэнд-майд, нейкія зробленыя рэчы, ці проста непатрэбныя рэчы, якія могуць спатрэбіцца камусьці іншаму і паміж сабой абмяняцца. У чацвер у нас запланаваны трыб’ют гурта Сплін, ёсць хлопцы, якія добра выконваюць іх песні, якім гэта падабаецца і збяруць вакол сябе тых, хто хоча гэта паслухаць. Ну а ў пятніцу ў нас прэзентацыя першага кліпа беларускамоўнага панк-гурта AMAROKA.
Еўрарадыё: Чым “арт-сядзіба” адрозніваецца ад “Графіці”, галерэі “Ў” ці “Ля мора”?
Белавус: Тым, што гэта не бар і не клуб. Гэта жывое памяшканне. Гэта адкрытая пляцоўка для прапановаў. Мы значна больш адкрытыя, я думаю, чым галерэя “Ў”, бо яны працуюць на больш сур’ёзныя арт-праекты. А мы зацікаўленыя ў новых імёнах, якія не могуць дазволіць сабе аплаціць памяшканне, або не могуць сабраць сто чалавек. Гэта пляцоўка фармату 50-60 чалавек.
Еўрарадыё: На адкрыцці удзельнікі разуваліся перад уваходам. Ці будзе так і далей? Ці можна там паліць ці прыносіць піва?
Белавус: Піць піва і паліць забаронена. Я думаю, калі ты прыйшоў пазнаёміцца з творчасцю, можна адпачыць і ад палення і ад алкаголю. Але ў выглядзе пачастунку ці ў дэгустацыйным выглядзе і гэта можа прысутнічаць. Наконт абутку – мы доўга спрачаліся, ці трэба гэта, але усім, хто прысутнічаў гэта не замінала. Зразумела, што наступны раз будуць правяраць чысціню шкарпэтак. Пакуль мы вырашылі, што гэтую прастору мы хочам зрабіць ўтульнай, каб там было па-хатняму. Ды ў нас і няма ў штаце прыбіральшчыцы, таму, калі мерапрыемствы будуць праходзіць кожны дзень, цяжка будзе сачыць за парадкам. Да таго ж, у нас няма вялікай колькасці крэслаў, ды яны і занялі б вялікую частку прасторы і было б не так утульна. А тут людзі прыйшлі, селі на вялікі чысты дыван, я думаю, гэта нікому не перашкодзіць.
Еўрарадыё: А ці выдавалі вы нумаркі на абутак? Не сышоў хтосьці ў чужым абутку?
Белавус: Было ўжо некалькі мерапрыемстваў. Пакуль што ніхто чужога не ўзяў. Прыемна, што прыходзяць не тыя, хто хацеў бы штосьці сцягнуць.