У Мінску запусцяць канал для скаргаў на электрасамакаты
Электрасамакаты
У Мінску ў гэтым сезоне плануюць запусціць чат-бот для паведамленняў аб няправільна прыпаркаваных электрасамакатах і "іншых сродках персанальнай мабільнасці (СПМ) розных пракатных сэрвісаў". Аб гэтым паведаміў у інтэрв'ю БЕЛТА намеснік начальніка сталічнай ДАІ Дзяніс Лівановіч.
Паводле яго слоў, звяртацца ў гэты чат-бот змогуць як простыя грамадзяне, так і гарадскія службы, калі самакаты будуць перашкаджаць "уборцы вулічна-дарожнай сеткі" або ствараць нязручнасці жыхарам. "Арганізацыі хутка адрэагуюць і выправяць сітуацыю", — патлумачыў механізм працы Лівановіч. Чат-бот, паводле яго слоў, пачне працаваць у красавіку-траўні.
Прадстаўнік ДАІ таксама нагадаў, што з мінулага года ў Мінску ў шэрагу раёнаў пачалі абмяжоўваць рух самакатаў, манаколаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці — у прыватнасці, у парках і скверах, на некаторых вуліцах. З'явіліся зоны, дзе іх паркоўка забаронена. У гэтым сезоне абмежаванні плануюць скарэкціраваць.
"Дзесьці дададзім, дзесьці прыбярэм. У прыватнасці, анансавалі абмежаванне руху ў раёне плошчы Якуба Коласа і пешаходных зонах, якія знаходзяцца побач. Там не ўсюды камфортна пешшу прайсці", — паведаміў супрацоўнік ДАІ. Пракат электрасамакатаў у гэтым сезоне будзе працаваць з 15 сакавіка па 15 лістапада (пры ўмове спрыяльнага надвор'я).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.