У Мінску затрымалі буйнога наркадылера з Расіі

У Мінску затрымалі буйнога наркадылера з Расіі

У Мінску затрымалі буйнога наркадылера з Расіі. Гэта была сумесная аперацыя беларускіх і расійскіх сілавікоў, ліквідаваны канал пастаўкі наркотыкаў у нашу краіну, інфармуе ў Telegram прэс-служба МУС нашай краіны.

36-гадовага расіяніна затрымалі ў Мінску на Нёманскай вуліцы. У яго знайшлі 250 грамаў ужо расфасаванага наркотыка, які мужчына збіраўся прадаць у Мінскім раёне (ён трымаў яго пры сабе і ў халадзільніку ў арандаванай кватэры). Другая частка аперацыі прайшла ў Смаленску, дзе беларускія і расійскія сілавікі знайшлі амаль 8 кілаграмаў наркотыкаў (гашыш, марыхуана, гераін, метамфетамін, метылэфедрон). Іх збіраліся распаўсюдзіць і ў гэтым горадзе, і ў Беларусі. Высветлілася, што наркадылер з дапамогай месенджараў кантактаваў з пастаўшчыком наркотыкаў, атрымліваў ад яго каардынаты схованак, адкуль забіраў нелегальны тавар. Таксама непасрэдна не кантактаваў ён і з дробнымі рэалізатарамі наркотыкаў, у тым ліку і ў нашай краіне.

У дачыненні грамадзяніна Расіі распачалі крымінальную справу, артыкул — "незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў". Раней ён неаднаразова трапляў за краты, быў асуджаны за рабунак, крадзеж, махлярства і хуліганства.

Расследаваннем займаецца ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі