Мытнікі кажуць, што зніклага ў Беларусі латыша затрымалі з амфетамінам

У грамадзяніна Латвіі беларускія мытнікі выявілі наркотыкі

У грамадзяніна Латвіі беларускія мытнікі выявілі наркотыкі / Мытны камітэт

23-гадовага грамадзяніна Латвіі Эмілса Асарса, які паехаў у Беларусь і знік, затрымалі беларускія мытнікі. У прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта заяўляюць, што ён меў пры сабе наркотыкі — 1,06 грама амфетаміну.

Паводле мытнікаў, латыш ехаў у Беларусь на аўтамабілі Cadillac SRX праз пункт пропуску "Грыгароўшчына". Сабака мытнай службы імгненна паказаў, што хлопец едзе праз мяжу з забароненымі рэчывамі. Амфетамін нібыта знайшлі ў яго пад чахлом мабільнага тэлефона.

"Даглядзеўшы яго асабістыя рэчы, віцебскія мытнікі і выявілі амфетамін. І тады ўжо грамадзянін растлумачыў, што небяспечны псіхатроп ён ужывае, каб не заснуць за рулём. Праведзена экспертыза, пацверджаны і той факт, што 1,06 гр — гэта буйны памер для гэтага віду псіхатропу", — заяўляюць у ведамстве.

Грамадзяніна Латвіі затрымалі, на яго пачалі крымінальную справу.

"Мытня аператыўна апавясціла МЗС Латвіі і сваякоў грамадзяніна пра яго затрыманне", — кажуць у Мытным камітэце. Інфармацыю пра знікненне Асарса ў латвійскіх СМІ беларускія мытнікі называюць правакацыямі.

Як паведамлялася раней, Асарс паехаў у Беларусь зранку 11 верасня. Ён вёз у Верхнядзвінск сваю знаёмую. Сваякі кажуць, што ён ехаў на аўтамабілі Chrysler. 12 верасня сваякам затэлефанавалі з беларускага нумара і сказалі, што Асарса затрымала міліцыя.

Афіцыйнага паведамлення ад памежнікаў яны не атрымалі, з нумарам паўторна звязацца не змаглі. Тэлефон самога Асарса адключаны з моманту знікнення. Яго сваякі звязаліся з латвійскай паліцыяй, якая занялася пошукамі маладога чалавека.

Мытнікі кажуць, што зніклага ў Беларусі латыша затрымалі з амфетамінам
У грамадзяніна Латвіі беларускія мытнікі выявілі наркотыкі / Мытны камітэт

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі