У Мінску зноў патрабуюць зняць антэны і кандыцыянеры з фасадаў. Чаму цяпер?
Жыхары дамоў уздоўж галоўных вуліц Мінска пачалі заўважаць нечаканыя абвесткі ад камунальнікаў. Мінчан, у якіх ёсць спутнікавыя антэны ці кандыцыянеры на фасадах, просяць зайсці ў ЖЭС. Але прычынаў не тлумачаць.
Потым у ЖЭСе ўладальнікам антэн і кандыцыянераў загадваюць іх дэмантаваць. “Пра гэта я даведалася ад начальніка ЖЭСа №2 пасля таго, як ён схлусіў мне па тэлефоне: “Мы вам хочам даслаць дазвол на ўстаноўку антэны, назавіце нумар вашай кватэры”. Я назвала, а наступнай фразай было: “Поштай прыйдзе ліст аб неабходнасці дэмантажу антэн і кандыцыянераў”, — піша ў тэлеграм-чаце “Минск: достаточно щепотки соли” жыхарка Ленінскага раёна сталіцы.
У сталічным ЖЭСе №2 Еўрарадыё паведамляюць, што дэмантаж сапраўды плануецца. Але будзе датычыць толькі канструкцый, усталяваных самастойна.
“Мы выпісваем прадпісанне жыхарам на дэмантаж антэнаў і кандыцыянераў. Калі ў вас ёсць дазвол ад адміністрацыі Ленінскага раёна, тады прад’явіце нам. Калі не, то даем вам два тыдні тэрміну, а пазней дэмантуйце, калі ласка. Ёсць пастанова Савета міністраў №384, там усё напісана”, — кажуць камунальнікі.
Пастанова Савета міністраў №384 датуецца 16 траўня 2013 года. У ёй гаворыцца пра забарону на самастойную ўстаноўку антэнаў і кандыцыянераў. Улады ўжо выкарыстоўвалі яе як аргумент у няроўнай барацьбе з кандыцыянерамі, але апошні раз гэта было даўно.
Чаму Мінгарвыканкам менавіта цяпер ізноў узяўся за антэны і кандыцыянеры? У ЖЭСе кажуць, што гэта звязана з падрыхтоўкай горада да ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені.