У Осла прэзентавалі кнігу пра смяротную кару ў Беларусі
У сталіцы Нарвегіі Осла 22 чэрвеня прэзентавалі кнігу “Смяротная кара ў Беларусі”. Прэзентацыя адбылася ў рамках Сусветнага кангрэса супраць смяротнай кары.
Кніга напісаная групай аўтараў. Яна была перакладзеная на англійскую мову і выдадзеная напярэдадні кангрэсу. На вокладцы змешчаная турэмная роба Аляксандра Грунова з надпісам ВМП (выключная мера пакарання). У 2014 годзе ён быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве гомельскай студэнткі. Турэмныя выканаўцы вярнулі гэтую робу маці асуджанага замест асабістых рэчаў.
У выданні сабраныя факты і лічбы пра выключную меру пакарання ў Беларусі, а таксама праведзены гістарычны аналіз з’яўлення смяротнай кары ў нашай краіне і яе трансфармацыі залежна ад часу і палітычнага рэжыму. У будучыні беларускія праваабаронцы плануюць працягнуць выданне кніг на гэтую тэматыку. Яны лічаць патрэбным данесці людзям, што смяротная кара не з’яўляецца цывілізаваным метадам пакарання і барацьбы са злачыннасцю.
З моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў краіне было асуджана да расстрэлу болей за 400 чалавек. Памілаванне па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі атрымаў толькі адзін чалавек, перадае БелаПАН.