У паліклініках праводзяць фэйкавае абследаванне на анкалогію?
На мінулым тыдні жыхарка Мінска Таццяна (імя зменена) заводзіць картку у новай паліклініцы, ідзе на прыём да хірурга. Таццяне робяць здымак пальца на назе, доктар піша заключэнне. На наступны дзень Таццяна ў чарзе на прыём да неўролага гартае картку і раптам аказваецца... яна прайшла анкалагічнае абследаванне!
"А калі і як мяне праверылі? Проста цікава, чаму са мной гэта ніхто не абмеркаваў, калі нават таемна праверыў", ― кажа дзяўчына.
У кожнай медыцынскай картцы ёсць старонка, прысвечаная анкалагічнаму абследаванню. Там у слупок пералічаны "рызыкоўныя" часткі цела і ўнутраныя органы. І вось насупраць кожнага, напрыклад, "прамая кішка", "стрававод", "лёгкія" у картцы Таццяны стаіць літара "н", то бок, "норма". А ўнізе подпіс доктара.
Атрымліваецца, што падчас здымка нагі дзяўчыне паралельна праверылі страўнік?!
Пакуль Таццяна чакае прыёму тэрапеўта, які ўсё растлумачыць, Еўрарадыё вырашае пагутарыць з галоўным урачом паліклінікі, дзе таемна ад пацыента правяраюць яго ўнутраныя органы. Такі атрымліваем адказ:
"Вам, натуральна, мы ніякай інфармацыі не прадаставім. Таму што мы не абавязаныя гэта рабіць. Тое, што расказала пацыентка, гэта не заўсёды праўда. Таму мы з ёй будзем сустракацца і ўсё растлумачым".
Прыкладна такі ж адказ мы чуем ад адміністрацыі другой сталічнай паліклінікі, там пацыенты праходзяць такія ж фэйкавыя "анкаабследаванні".
Ці часта мусіць пацыент праходзіць такія абследаванні, колькі часу гэта займае, ці робіцца такая праверка здароўя па жаданні пацыента, ці толькі па меркаванні доктара, які доктар мусіць праводзіць такое абследаванне ― анколаг ці які заўгодна ― няўжо гэта сапраўды такая канфідэнцыйная інфармацыя? Ці ўсё ж усе гэтыя абследаванні ― для традыцыйнай галачкі?
Журналіст Еўрарадыё вырашае прайсці ўласнае анкаабследаванне ў сваёй паліклініцы. Самае вясёлае, што, аказваецца, у 2013-м годзе я таксама без свайго ведама яго… праходзіла! Аб гэтым сведчыць мая медыцынская картка.
Прыём у анколага займае 12 хвілін. Доктар задае пытанні пра радзімкі на скуры (дамаўляемся выдаляць іх у верасні), пра выдзяленні з малочнай залозы, харчаванне і г.д.
"Увогуле такое абследаванне дзяўчатам, як вы, рабіць рана, таму што ў вас няма канкрэтных скаргаў. Але вусны ў вас прыгожыя, ніякіх утварэннях на іх няма, і я пішу "норму" (доктар ставіць літару "н" насупраць слова "вусны"). Скура. Вы мне паказалі пігментныя нэвусы, але гэта дабраякасныя ўтварэнні, таму я пішу "норму". Язык і слізістая. Паказвайце. Язык харошы. Пішу "норма". Стрававод, страўнік, прамая кішка, лёгкія…. Прыходзіце ў верасні ― пройдзеце ўсе УГД і здадзіце аналізы", ― кажа анколаг.
На пытанне, чаму ўсё ж у 2013-м годзе, не праводзячы абследаванне, нейкі доктар цудам зазірнуў у мой страўнік і паставіў "норму", анколаг адказвае, што мне было не 82 гады, а “у такім узросце праблемы бываюць рэдка”. Маўляў, з праблемамі трэба разбірацца па меры іх з'яўлення, а не шукаць іх самастойна.
Наша суразмоўца Таццяна таксама ідзе да тэрапеўта, дзе яе чакае адміністрацыя паліклінікі. Дактары выбачаюцца за сітуацыю і кажуць, што насамрэч гаворка ідзе не пра "абследаванне", а прафілактычны агляд. Маўляў, проста ў тыпаграфіі картку аддрукавалі некарэктна, і гэта будзе зменена на фармуліроўку "ліст прафілактычных аглядаў".
Таццяне тлумачаць, што калі чалавек прыходзіць з нейкай канкрэтнай праблемай, яго накіроўваюць на абследаванне. Скаргаў, напрыклад, на боль у страўніку, Таццяна не выказала. Доктар бачыць, што скура ў яе чыстая, вонкавага павелічэння шчытападобнай залозы не заўважана, таму і ставіць у лістку "норму" па ўсіх пунктах. Паведамляць пра такія рэчы пацыенту, сцвярджае адміністрацыя, дактары не абавязаны.
Цяпер адкрыйце свае медыцынскія карткі і паглядзіце, ці праходзілі вы “фэйкавае” абследванне на анкалогію. Гэта для адной краіны “норма”.