У Расіі ў ізалятары памёр актывіст, які скардзіўся на катаванні

У спецпрыёмніку ў Растове-на-Доне / ro.today
У спецпрыёмніку ў Растове-на-Доне / ro.today

У Расіі ў Растове-на-Доне ў ізалятары часовага ўтрымання памёр актывіст Анатоль Бярэзікаў, які адбываў трэці запар адміністрацыйны арышт пасля пацыфісцкай акцыі. Перад гэтым ён скардзіўся на ціск і на катаванні з боку сілавікоў. Бярэзікаву было 40 гадоў, паведамляе kavkaz-uzel.eu.

Раней мужчына быў затрыманы па падазрэнні ў расклейванні ўлётак украінскага праекта "Хачу жыць", звярнуўшыся ў які расійскія вайскоўцы могуць паспрабаваць здацца ў палон. Актывіст неаднаразова заяўляў, што яму пагражаюць забойствам. У першы раз Анатоль Бярэзікаў адбываў 10 сутак арышту за "непадпарадкаванні паліцыі", у другі раз — 10 сутак за "дробнае хуліганства". 31 траўня, калі гэты тэрмін скончыўся, на яго склалі яшчэ адзін пратакол аб "дробным хуліганстве" і арыштавалі яшчэ на 15 сутак. Гэты арышт павінен быў скончыцца 15 чэрвеня.

Калі 14 чэрвеня адвакат Ірына Гак прыйшла на сустрэчу з арыштаваным, ёй паведамілі пра яго смерць. Паводле яе слоў, яшчэ некалькі дзён таму яна бачыла Анатоль Бярэзікава і ён выглядаў здаровым.

"Я зафіксавала ў Бярэзікава сляды ад электрашокера, — кажа адвакат. — Ён мне скардзіўся, што яму пагражалі... што яго заб'юць... Ён скардзіўся на тое, што сілавікі вывезлі яго за горад і катавалі электрашокерамі".

Супрацоўнік спецпрыёмніка, у якім утрымліваўся Бярэзікаў, заявіў, што актывіст "здзейсніў суіцыд".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі