У Ратамцы 6-гадовы хлопчык атрымаў апёкі ад расійскага набору для эксперыментаў
Агонь, ілюстрацыйнае фота
Шасцігадовы хлопчык у Ратамцы пад Мінскам атрымаў сур'ёзныя апёкі, паведамляе прэс-служба МНС.
Увечары 31 жніўня дзіця разам з маці праводзілі вопыт з дзіцячым наборам для эксперыментаў Magic Fire. У нейкі момант жанчына дадала ў ёмістасць з агнём спіртазмяшчальнае рэчыва — і полымя ўспыхнула. Пры гэтым хлопчык атрымаў апёкі першай-трэцяй ступені (6% цела).
Дзіця даставілі ў бальніцу, а пасля аказання меддапамогі адпусцілі лячыцца дадому. Прычына пажару высвятляецца.
Набор для эксперыментаў Magic Fire вырабляецца ў Расіі. Вытворцы прапануюць "адразу тры яркія і эфектныя вопыты з агнём" — "фараонаву змяю", "зялёнае полымя" і "вогненны надпіс". Пры гэтым вытворцы адзначаюць, што набор прызначаны для дзяцей, старэйшых за 8 гадоў, а няправільнае абыходжанне з ім можа быць небяспечным для здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.