У рэйтынгу Doing Business Беларусь за год апусцілася на 12 пазіцый
Сусветны банк апублікаваў новы штогадовы рэйтынг Doing Business. Беларусь у ім займае 49-е месца сярод 190 краін свету. Гэта на 12 пазіцыяў горш, чым летась.
Калі параўноўваць з іншымі краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза, то горшыя за Беларусь паказчыкі мае толькі Кыргызстан: ён за год апусціўся з 70-га на 80-е месца. Затое Казахстан падняўся з 28-й на 25-ю пазіцыю, Расія — з 31-й на 28-ю. Арменія хаця і страціла пазіцыі ў рэйтынгу, але апярэджвае нашу краіну — яна займае 47-е месца (летась было 41-е).
Краіны-суседкі Беларусі займаюць даволі высокія месцы ў рэйтынгу: Літва — 11-е, Латвія — 19-е, Польшча — 40-е. Падкачала толькі Украіна, якая займае 64-е месца.
Першую тройку сусветнага рэйтынгу складаюць Новая Зеландыя, Сінгапур і Ганконг.
У рэйтынгу Doing Business краіны ацэньваюцца па 10 паказчыках: рэгістрацыя прадпрыемстваў, атрыманне дазволаў на будаўніцтва, падключэнне да сістэмы электразабеспячэння, рэгістрацыя ўласнасці, атрыманне крэдытаў, абарона мінарытарных інвестараў, падаткаабкладанне, міжнародны гандаль, забеспячэнне выканання кантрактаў і даступнасць працэдуры банкруцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.