У РФ распісалі час, калі пасажыр цягніка з верхняй паліцы можа сядзець унізе
У цяніку / @telerzd
У Расіі пахвілінна распісалі правы пасажыра цягніка з верхняй паліцы на доступ да стала ўнізе. Пасля шматлікіх скаргаў Мінтранс РФ быў вымушаны дапрацаваць правілы, якія рэгламентуюць перавозкі па чыгунцы. Яны пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2023 года, піша РИА "Новости".
З гэтага часу ў расійскіх цягніках далёкага следавання пасажыр з ніжняй паліцы абавязаны прадставіць месца пры століку суседу зверху, каб той змог паесці. Вызначаны дакладныя гадзіны для прыёму ежы: па паўгадзіны раніцай з 7:00 да 10:00 і ўвечары з 19: 00 да 21: 00. У абед (12: 00 да 15: 00) пасажыр з верхняй паліцы можа правесці за сталом не больш за гадзіну.
У правілах таксама прапісана, што ў цягніках далёкага следавання нельга граць на музычных інструментах, а таксама спяваць у мікрафон і ўключаць калонкі. Што тычыцца хатніх жывёл (катоў і сабак), то іх можна правозіць у агульным вагоне. Гадаванцы пры гэтым абавязкова павінны быць у пераносцы. Без клеткі жывёлы могуць падарожнічаць у асобным купэ, але пры ўмове, што гаспадар яго выкупіць цалкам.
Адзначым, што цягнікамі далёкага следавання ў Расіі лічацца саставы, якія ідуць на адлегласць звыш 150 км.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.