У Самары памёр пасажыр самалёта "Белавія", які ляцеў з Баку на лячэнне
У Самары памёр пасажыр самалёта "Белавія", які ляцеў з Баку ў Мінск. Лайнер здзейсніў вымушаную пасадку ў расійскім горадзе. Аднак выратаваць мужчыну не ўдалося.
Як піша tvsamara.ru, здарэнне адбылося раніцай у чацвер. Самалёт прызямліўся ў аэрапорце Курумоч у 07:15. Адзін з пасажыраў паскардзіўся на кепскае самаадчуванне. Пазней стала вядома, што ў 64-гадовага мужчыны была невылечная хвароба. У 07:23 ён памёр. На месцы працавалі расійскія следчыя, якія высвятлялі ўсе абставіны трагічнага здарэння.
Адзін са сведкаў інцыдэнта кажа, што мужчына ляцеў на лячэнне без суправаджэння. У яго было анкалагічнае захворванне.
Пасажырскі самалёт ужо прызямліўся ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.