У судзе выявілася, што тэлефоны Фядыніча і Комліка праслухоўваюцца дагэтуль

У судзе выявілася, што тэлефоны Фядыніча і Комліка праслухоўваюцца дагэтуль

У Мінску працягваецца суд па "справе РЭП". На судовым пасяджэнні 15 жніўня пракурор зачытаў змест тэлефонных размоваў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка з супрацоўнікамі прафсаюзу і сьведкам. Пры гэтым пракурор паведаміў, што гэтыя размовы адбыліся з 31 ліпеня па 9 жніўня 2018, перадае Радыё "Свабода".

Адна размова была пра дапамогу адвакатаў. Сведка па справе Надзея Есіповіч раілася з Фядынічам, што казаць і ці ісці са скаргай у пракуратуру. Фядыніч рэкамендуе ісці толькі з адвакатам. Таксама Есіповіч і Фядыніч размаўляюць пра псіхалагічны ціск і пра пагрозы. Як вядома, у судзе многія сведкі адмовіліся ад паказанняў, дадзеных на следстве і заявілі пра ціск і запалохванні. Пасля гэтага чатырох чалавек зноў даставілі ў Следчы камітэт.

Другая праслуханая размова адбылася ў Фядыніча з лідэрам Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалаем Зіміным. Там таксама гаворка ідзе пра тое, каб сведка Сняжана адмаўлялася гаварыць без адваката.

Пасьля агучвання гэтых тэлефонных размоў Фядыніч запытаўся ў пракурора, якім чынам і на падставе чаго вядзецца праслухоўванне. На яго думку, праслухоўванне, зробленае з парушэннем закону, не мае юрыдычнай сілы. 

Нагадаем, што Генадзя Фядыніча і яго намесніка Ігара Комліка вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — амаль на 23 тысячы рублёў. Ім пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Дарэчы, суд над Фядынічам і Комлікам пачаўся 30 ліпеня. Такім чынам, праслухоўванне тэлефонаў вялося падчас суда. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі