У варшаўскай галерэі разбурылі выставу беларускай мастачкі Яны Шостак
Яна Шостак
Выставу мастачкі Яны Шостак у варшаўскім музэі Захэнта разбурылі невядомыя. Яны скралі шалік з выявамі беларускіх палітвязняў і намалявалі серп і молат на адным з экспанатаў, піша "Gazeta Wyborcza".
Часовая выстава Яны Шостак "Слёзы шчасця" адкрылася ў пятніцу, а на наступны дзень яе разбурылі. У сшытку на выставе намалявалі серп і молат. Таксама нападнікі скралі шалік з выявамі беларускіх палітвязняў. Паляроідныя здымкі Шостак былі парэзаныя, а некаторыя элементы экспазіцыі — размаляваныя аэразольнай фарбай, адзначае Радыё "Свабода".
Інтэрактыўная выстава была выстаўленая на калідоры. Як кажа адна з куратак выставы Яанна Корд'як, у Яны Шостак быў свой куток-майстэрня каля лесвіцы. Там былі кнігі, альбомы і прылады для малявання ( у тым ліку аэразольныя фарбы) і запіска, што да кніг можна дакранацца.
У першы ж дзень адкрыцця выставы туды з'явіліся два маладыя чалавекі. Верагодна, яны ўспрынялі закуток як інтэрактыўную прастору для майстар-класаў. "Яны пачалі размалёўваць экспанаты Яны. Служба бяспекі не была гатовая да такіх сітуацый і не рэагавала своечасова", — канстатуе Корд'як. На яе думку, маладыя людзі не мелі свядомага жадання разбурыць студыю Яны Шостак.
Яна Шостак вырашыла, што праца застанецца ў Захэнце такой, якой яна атрымалася пасля нападу. Да апісання выставы яна прыклала запіску з тлумачэннем. У паліцыю работнікі галерэі не звярталіся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.