У варшаўскім СІЗА не знайшлі парушэнняў, што прывялі да суіцыду беларуса Кетуркі

Кірыл Кетурка

Кірыл Кетурка / MOST

Парушэнняў у працы супрацоўнікаў варшаўскага СІЗА ў сітуацыі з суіцыдам беларуса Кірыла Кетуркі не было, пра гэта паведамілі рэсурсу Hrodna.life ў польскай турэмнай службе (аналаг беларускага Дэпартамента выканання пакаранняў) паводле вынікаў праведзенага расследавання.

"Рэанімацыйныя мерапрыемствы, праведзеныя супрацоўнікамі, а затым брыгадай хуткай дапамогі, выніку не далі. У адпаведнасці з дзейнымі правіламі паліцыя і пракуратура правялі расследаванні. Мерапрыемствы, праведзеныя пенітэнцыярнай службай, не выявілі парушэнняў у выкананні службовых задач супрацоўнікамі, трэція асобы не спрыялі ўзнікненню інцыдэнту", — гаворыцца ў адказе прэс-сакратара дырэктара акруговай турэмнай службы ў Варшаве Барташа Мушынскага.

Нагадаем, былога беларускага палітвязня Кірыла Кетурку з Гродна затрымалі ў Варшаве паводле падазрэння ў махлярстве. Праз 10 дзён, 20 кастрычніка, яго знайшлі павешаным. Кірылу было 19-гадоў. Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула аб давядзенні да самагубства.

У Варшаве хлопец апынуўся праз пераслед у Беларусі. Хлопца затрымлівалі за ўдзел у мітынгу яшчэ ў 2020 годзе, яму тады было 16. Калі Кетурку споўнілася 18, супраць яго завялі крымінальную справу, судзілі, прысудзілі да "хатняй хіміі". Праз некаторы час яму вырашылі ўзмацніць рэжым утрымання, тады ён выехаў з краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі