У выніку расійскага ўдару па Запарожжы разбураная гасцініца, пацярпелі дзеці
Гасцініца ў Запарожжы пасля расійскага абстрэлу / @zoda_gov_ua
Як мінімум адзін чалавек загінуў, яшчэ 14 пацярпелі ў выніку расійскага абстрэлу Запарожжа, паведамляе Hromadske. Мэтай, відаць, быў гатэль Reikartz. Расійскія СМІ і ваенныя блогеры сцвярджаюць, што гасцініцу выкарыстоўвалі як базу УСУ. Між тым, тут неаднаразова спыняліся супрацоўнікі гуманітарнай місіі ААН, распавяла каардынатарка ААН ва Украіне Дэніз Браўн. Яна, па яе словах, была ашаломленая навінамі аб абстрэле. "Гэта абсалютна недапушчальна", — заявіла Браўн.
Сярод пацярпелых двое дзяцей: хлопец 14 гадоў і трохгадовая дзяўчынка. "Яна [трохгадовая дзяўчынка] ужо шпіталізаваная ў бальніцу. Там дзіця знаходзіцца пад наглядам медыкаў і бацькоў. Стан дзіцяці — няцяжкі. Молімся аб яе хуткім выздараўленні", — заявіў сакратар гарадскога савета Анатоль Курцеў. Спачуванне сям'і загінулага выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. "Украіна выстаіць. Расійскі тэрор непазбежна прайграе", — дадаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.