У забойствах у Бучы падазраюць ураджэнца Мазыра, але гэта можа быць памылкай

У забойствах у Бучы падазраюць ураджэнца Мазыра, але гэта можа быць памылкай

Украінскія работнікі пракуратуры заявілі, што высветлілі першага падазраванага ў забойствах і катаваннях мірных жыхароў Бучы. Як сцвярджае прэс-служба генпракурора Украіны, гаворка ідзе пра мужчыну, які служыцьва Упраўленні федэральнай службы войскаў Нацгвардыі РФ. Высветліць яго імя ўдалося з дапамогай журналістаў праекта "Слідство.Інфо".

Украінскія крыніцы паведамляюць, што мужчыну, які займаўся катаваннямі мірных жыхароў, апазналі на відэа з паштовага аддзялення ў Мазыры. Там расійскія вайскоўцы адпраўлялі дадому рэчы, як мяркуецца, нарабаваныя ва Украіне. 

Па яго пасылцы высветлілі імя — Сяргей Калацэй. Паведамляецца, што ён нарадзіўся і вырас у Мазыры, займаўся адзінаборствамі. Украінскія крыніцы сцвярджаюць, што потым мужчына пераехаў у Маскву, паступіў на службу ў Расгвардыю.

Пасля публікацыі гэтых звестак да журналістаў звярнуліся блізкія, знаёмыя, калегі і суседзі Калацэя. 

З іх словаў вынікае, што мужчына жыве ў Мазыры і апошнія пяць гадоў працуе інжынерам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Увесь час вайны яго бачаць на працы, па дарозе ў дзіцячы сад, на шпацырах з шасцігадовым сынам. Калацэй не служыў ні ў беларускім, ні ў расійскім войску і ніколі не быў вайскоўцам Нацгвардыі РФ або іншых сілавых структур. 

Сябры кажуць, што 2 красавіка ён сапраўды адпраўляў пасылку ў горад Ульянаўск. Гэта было пашкоджанае вечка багажніка яго ўласнага аўтамабіля, якое ён прадаў у Расію і адпраўляў пакупніку. У гэты ж час там адпраўлялі пасылкі расійскія вайскоўцы.

У гутарцы з расійскі тэлеграм-каналам "Можем объяснить" мужчына патлумачыў, што яго паход на пошту выпадкова супаў з прыходам расійскіх вайскоўцаў: "Тады ўкраінская пракуратура павінна абвінаваціць усіх, хто адпраўляе пасылкі ў Расію. Нагадаю вам, што дадзеная арганізацыя з'яўляецца паштовым аддзяленнем, дзе любы можа адправіць пасылку каму заўгодна і куды заўгодна. Перш чым кагосьці вінаваціць у чымсьці, высветліце ўсе дэталі, інакш вас абвінавацяць у пагрозах і паклёпе на мірных грамадзян іншых дзяржаў".

Па словах Калацэя, расійскага грамадзянства ён не мае, а ва Украіне не бываў ужо даўно. 

Тым часам украінская Генпракуратура плануе абвясціць яго ў міжнародны вышук.

Пазней Калацэй напісаў у Інстаграме, што адбылася памылка і яго цяпер "хэйцяць":

"З мяне зрабілі ваеннага злачынца, хоць я да ўзброеных сілаў не маю ніякага дачынення, так атрымалася, што я нават у войску не служыў!!! Што тычыцца адпраўленага мною вечка багажніка, то так, сапраўды я адпраўляў яго з беларускай пошты ў Расію незнаёмаму мне чалавеку! Гэта вечка ад майго аўто, аб'ява аб продажы якога была апублікаваная яшчэ да пачатку падзей у г. Буча!!! На сённяшні дзень мая старонка ў Вконтакте ўзламаная! Мне і маім блізкім паступаюць пагрозы!!! Прашу вас, спыніцеся!!!"

У забойствах у Бучы падазраюць ураджэнца Мазыра, але гэта можа быць памылкай
Сяргей Калацэй / gp.gov.ua

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі