У замежжы пройдзе праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
У панядзелак стартаваў праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Яго мерапрыемствы з 5 па 10 кастрычніка пройдуць у Літве, Польшчы, Украіне і Казахстане.
5 кастрычніка ў Чарнігаве на пляцоўцы дыскусійнага клубу "Экспертнае меркаванне" (вул. Палуботкі, 6А) пройдзе дыскусія наконт смяротнага пакарання з відэапраглядам. Таксама адчыніцца выстава тэматычных плакатаў беларускага мастака з Вільні Алега Аблажэя. Пачатак а 17-й. Выстава працягне сваю працу ў Адукацыйным Доме правоў чалавека. Госцем імпрэзы будзе Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага ў 2012 годзе паводле смяротнага прысуду.
7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду (вул. Ауку, 2) пройдзе дыскусія "Забойства па прысудзе". Яе арганізатарамі выступілі Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House. Пачатак а 16-й. Дыскусія закране і пытанні пазасудовых расправаў у Беларусі. У прыватнасці, праваабаронца Раіса Міхайлоўская распавядзе пра невытлумачальныя знікненні палітычных апанентаў беларускай улады і расследаванне гэтых гвалтоўных знікненняў. Падчас дыскусіі адбудзецца прэм'ерны паказ фільма-цыкла "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання" з удзелам рэжысёра Віктара Трацякова, сцэнарыста Паліны Сцепаненка і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды. Мадэратарам абмеркавання будзе Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Freedom House ў Літве.
8 кастрычніка ў Варшаве Беларускі Дом (вул. Вейска, 13/3) арганізуе дыскусійны прагляд фільма “Прычына смерці — прочырк”. У ёй прыме ўдзел эксперт Хельсінкскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава. Пачатак а 18-й. Падчас мерапрыемства адбудзецца відэа-канферэнцыя з удзелам Любові Кавалёвай.
9 кастрычніка ў Мінску на пляцоўцы Арт-Сядзібы (пр-т Незалежнасці, 58-430) пройдзе прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. На ёй пройдзе прэзентацыя кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Пачатак а 11-й. У мерапрыемстве возьмуць удзел каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Ганаровымі госцямі імпрэзы стануць прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў-удзельніц Кааліцыі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
10 кастрычніка ў Харкаве філія Фундацыі рэгіянальных ініцыятыў ладзіць дыскусійны прагляд фільма “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”. Таксама пакажуць анімацыйныя ролікі, створаныя ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
У Алматы ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання пры падтрымцы арганізацыі Freedom House Kazakhstan пачне сваю працу выстава плакатаў, прысвечаных праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
Фота: spring96.org