У знак пратэсту супраць вайны — шматдзетная маці вярнула Лукашэнку ордэн Маці
У сям'і Якавішыных расце сямёра дзяцей / З асабістага архіва Алены
Украінка Алена Якавішына вярнула ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі ордэн Маці, якім яе ўзнагародзілі ў 2019 годзе. Пра гэта паведамляюць праваахоўнікі.
У Алены сямёра дзяцей. Разам з ордэнам яна адправіла Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім напісала, што ўдзячная "беларускай зямлі і выдатнаму беларускаму народу за гасціннасць і падтрымку, за дабро і клопат, якія знаходзіла тут усе гэтыя гады".
Разам з тым ёй незразумелая пазіцыя кіраўніцтва Беларусі. У яе краіне вайна, а кіраўнік суседняй дзяржавы не толькі не асудзіў дзеянні агрэсара, але і аказвае яму падтрымку — і палітычную, і ваенную. Беларусь дае сваю тэрыторыю для размяшчэння і ўварвання на тэрыторыю Украіны расійскіх войскаў, адсюль ажыццяўляюцца пускі "смяротных ракет па маім народзе, мірных гарадах", напісала Якавішына ў звароце да Лукашэнкі.
Алена Якавішына — грамадзянка Украіны, але пастаянна жыве ў Беларусі. Яна родам з Мікалаева, скончыла Кіеўскі нацыянальны універсітэт тэхналогіі і дызайну. У 17 гадоў прыехала ў госці ў Мінск, дзе пазнаёмілася з будучым мужам Юрыем. Юрый раней быў вайскоўцам — абслугоўваў авіяцыйную тэхніку ў Мачулішчах. З 2006 года працуе ў грамадзянскай авіяцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.