Ухвалена адпраўка 9,8 млн тон беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты
19 лютага ў Маскве было падпісана пагадненне аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты. Подпісы пад дакументамі паставілі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка і міністр транспарту РФ Віталь Савельеў. Як паведамляе mintrans.gov.by, прадугледжваецца перавалка ў 2021-2023 гадах 9,8 млн тон грузаў (мазута, бензіну і алею). Сёлета плануецца адправіць 1,8 млн тон. Можна меркаваць, што частка экспарту беларускіх нафтапрадуктаў праз краіны Балтыі застанецца.
Расійскі міністр заявіў, што пагадненне "гістарычнае". Расія працяглы час дамагалася яго падпісання, але беларускі бок адмаўляўся, спасылаўся на высокія выдаткі. Усё змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020-га і ўвядзення ЕС (і Літвой у прыватнасці) санкцый супраць афіцыйнага Мінска. Аляксандр Лукашэнка тады паабяцаў меры ў адказ (на відэа), ён даручыў ураду пераарыентаваць усе гандлёвыя патокі з партоў Літвы ў іншыя, тыя ж расійскія. У выніку, замест прамога шляху праз Клайпеду, беларускія нафтапрадукты па чыгунцы адправяць пад Санкт-Пецярбург.
Першыя пастаўкі па новым маршруце чакаюцца ў сакавіку 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.