Украіна нагадала, што Расія не выканала ўмовы для вяртання ў ПАСЕ

Акцыя супраць расійскай агрэсіі ў Адэсе / Reuters
Акцыя супраць расійскай агрэсіі ў Адэсе / Reuters

Пасол Украіны пры Савеце Еўропы (СЕ) Дзмітрый Кулеба нагадаў, што Расія не выканала адразу некалькі ўмоў для вяртання ў Парламенцкую асамблею Савета Еўропы (ПАСЕ), якое адбылося 26 чэрвеня. Паводле яго слоў, сярод умоваў было вызваленне ўкраінскіх маракоў, захопленых у Керчанскім праліве, прадастаўленне доступу камісару СЕ па правах чалавека ў Крым і аплата унёскаў.

"Але я перакананы, што Расія не збіралася выконваць гэтыя тры патрабаванні, таму што яны разумелі, што кааліцыя на іх карысць ужо зайшла ў такі стан, калі верне іх без саступак", — сказаў Кулеба ў эфіры "Пятага канала".

У Расіі цяпер знаходзяцца пад следствам 22 ўкраінскіх маракі і 2 супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны. Іх затрымалі па абвінавачванні ў спробе незаконнага перасячэння расійскай мяжы ў Керчанскім праліве ў лістападзе 2018 года.

Кіеў лічыць маракоў і супрацоўнікаў СБУ ваеннапалоннымі і патрабуе вярнуць ва Украіну. Гэта патрабаванне прызнаў законным ў траўні 2019 года Міжнародны трыбунал ААН па марскім праве. Масква лічыць, што гэта пытанне не ўваходзіць у юрысдыкцыю гэтай інстанцыі.

Як паведамляла Еўрарадыё, у адказ на аднаўленне сяброўства Расіі ў ПАСЕ ўкраінская дэлегацыя 26 чэрвеня пакінула залу пасяджэнняў арганізацыі. У знак салідарнасці да яе далучыліся прадстаўнікі Літвы, Эстоніі і Грузіі і частка прадстаўнікоў Польшчы і адзін дэпутат са Славакіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі