Улады адмяняюць беларускую лацінку ў геаграфічных назвах
Адрас дома, напісаны беларускай лацінкай / citydog.by
Беларускія ўлады адмяняюць беларускую лацінку пры перадачы беларускіх геаграфічных назваў на іншых мовах. Замест беларускай лацінкі ўводзіцца транслітарацыя па правілах англійскай мовы.
Адпаведную пастанову прыняў 24 сакавіка Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Цяпер яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання. Дакумент узгоднены з МУС, МЗС, Мінкультам і НАН Беларусі.
Напрыклад, калі раней плошча Незалежнасці пісалася лацінкай як pl. Niezaležnasci, то цяпер pl. Niezalezhnastsi, а Čačersk цяпер будзе пісацца як Chachersk. Змяняюцца напісанні літараў "г", "ж", "ў", "х", "ч", "ш", перадача свісцячых (ś = сь).
Таксама цяпер дазваляецца даваць транслітарацыю з рускай мовы — раней была толькі беларуская.
Супраць выкарыстання беларускай лацінкі выступалі прарасійскія актывісткі Вольга Бондарава і Юлія Дударэнка: яны збіралі подпісы за адмену беларускай транслітарацыі геаграфічных назваў.
У снежні 2022-га за адмену беларускай лацінкі ў перадачы геаграфічных назваў выказаўся Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы. У ім вырашылі, што беларуская лацінка на вулічных паказальніках "ускладняе ўспрыманне інфармацыі і ўскладняе арыентаванне".
Дарэчы, у 2012 годзе з ініцыятывы афіцыйных уладаў Беларусі ААН прыняла беларускую лацінку для міжнароднай перадачы беларускіх назваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.